ТРАПЕЗУ́НДСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава ў 13—15 ст. на ПнЗ М. Азіі са сталіцай у г. Трапезунд (сучасны Трабзон). Узнікла ў выніку распаду Візантыі пасля захопу Канстанцінопаля ўдзельнікамі 4-га крыжовага паходу ў 1204. Заснавальнікі Т.і. — унукі візант. імператара Андроніка 1 Камніна Аляксей і Давід Камніны ўсталявалі з дапамогай Грузіі сваю ўладу над Трапезундам і прыбярэжнай паласой з гарадамі Сіноп, Амастрыда, Іраклія. Першым імператарам абвешчаны Аляксей [1204—22]. Імператары называлі сябе Вялікімі Камнінамі. У 1214 Т.і. страціла Амастрыду (далучана да Нікейскай імперыі) і Сіноп (захоплены Канійскім султанатам). У 1461 тур. султан Мехмед II заваяваў Т.і. і далучыў яе да Асманскай імперыі.
Літ.:
Успенский Ф.И. Очерки из истории Трапезунтской империи. Л., 1929;
Карпов С.П. Трапезундская империя и западноевропейские государства в XIII—XV вв. М., 1981.
т. 15, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)